ЛЕ́НСКІ РАССТРЭ́Л 1912,
расстрэл 17 крас. рабочых Ленскіх залатых капальняў у Сібіры (належалі рас.-англ. акц. т-ву «Лензолата»). Недастатковая зарплата, цяжкія ўмовы жыцця і працы рабочых выклікалі 13.3.1912 забастоўку, якая да канца сак. ахапіла больш за 6 тыс. чал. Перагаворы з адміністрацыяй вынікаў не далі, улады накіравалі ў раён капальняў войскі і жандараў. 17 крас. 2,5 тыс. рабочых накіраваліся да Надзеждзінскай капальні (цяпер пас. Апрэльск Бадайбінскага р-на Іркуцкай вобл.), каб прынесці пратэст пракурору супраць арышту паліцыяй членаў Цэнтр. стачачнага к-та. Войскі адкрылі агонь: 270 чал. забіта, 250 паранена. Л.р. выклікаў абурэнне ў краіне, яго падзеі вывучалі спец. камісіі Дзярж. думы (кіраўнік А.Ф.Керанскі) і ўрада. Акцыі пратэсту адбыліся па ўсёй Рас. імперыі, у т.л. ў Мінску, Віцебску, Гомелі і інш. месцах Беларусі.
т. 9, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)